БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДАПАМО́ГІ ПАЦЯРПЕ́ЛЫМ АД ВАЙНЫ́,
дабрачынная арг-цыя для дапамогі бежанцам 1-й сусв. вайны. Існавала ў 1915 — сярэдзіне 1920-х г. у Вільні. Т-ва арганізоўвала пункты харчавання, сталовыя, інтэрнаты, аказвала мед. дапамогу бежанцам. Сродкі складаліся з членскіх узносаў, ахвяраванняў, прыбыткаў з дабрачынных мерапрыемстваў. Адкрыла аддзелы ў Мінску, Дзісне, Вілейцы, Друскеніках, Полацку. Гуртавала вакол сябе дзеячаў бел. нац. руху, набыло значэнне прадстаўніка нац. інтарэсаў бел. насельніцтва. Займалася культ.-асв. працай. Пры ім была створана школьная камісія, якая арганізоўвала бел. школьніцтва, настаўніцкія курсы. У канцы 1916 у мяст. Свіслач пачала працаваць бел. настаўніцкая семінарыя. На курсах і ў семінарыі выкладалі А. і І.Луцкевічы, В.Ластоўскі, А.Пашкевіч (Цётка) і інш. З канца 1918 дзейнасць т-ва ў сувязі са складанай ваен. і паліт. сітуацыяй на Віленшчыне, адсутнасцю грошай пачала згортвацца, на пач. 1920-х г. зводзілася да ўтрымання дзіцячага прытулку ў Вільні. Звесткі пра функцыянаванне т-ва пасля 1925 не выяўлены.
А.М.Бабкоў, С.С.Рудовіч.
т. 2, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)